“Лета – гэта мы! Лета – для краіны!”

Летні адпачынак – гэта і сацыяльная абарона дзяцей, і магчымасць для развіцця іх творчых, інтэлектуальных, спартыўных, арганізацыйных, упраўленчых здольнасцяў.
Сёлета ў чэрвені-ліпені ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры кругласутачнага знаходжання “Родничок” адпачылі 178 хлопчыкаў і дзяўчынак.
У лагеры створаны выдатныя ўмовы для пражывання, харчавання, гульняў і заняткаў па інтарэсах.
Педагогі робяць акцэнт на спартыўна-аздараўленчай, турысцка-краязнаўчай, грамадска-карыснай дзейнасці, да якой заахвочваюць дзяцей усіх узростаў, а таксама на іх патрыятычным, мастацка-эстэтычным і экалагічным выхаванні.
Праводзяцца шмат розных мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі “Лета – гэта мы! Лета – для краіны!”. У іх ліку святы, звязаныя адметнымі падзеямі гісторыі і культуры Беларусі і нашага Глыбоцкага краю.
Дзеці пабывалі на экскурсіях у Івесі, Полацку, аграсядзібе “Утрына”. У Івесі ля мемарыяла, бронзавыя фігуры якога сімвалізуюць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны мясцовых жыхароў, правялі мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці.
У абавязковым парадку плануюцца творчыя сустрэчы і дыялогі, прымеркаваныя да Года беларускай жанчыны. У рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок у будучыню” прайшла сустрэча з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Т.В.Гаўрылавай.
Цыкл мерапрыемстваў па бяспецы жыццядзейнасці арганізавалі для дзяцей супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Цікавай і змястоўнай была сустрэча са спецыялістамі Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, якія падрыхтавалі тэматычны відэафільм “На ахове прыроды”, расказалі і паказалі, як квадракоптары дапамагаюць назіраць за станам экасістэм, адсочваць змяненні ў ландшафце, кантраляваць папуляцыі жывёл і іх міграцыю, выяўляць незаконныя высечкі лясоў і выпадкі браканьерства, стаяць на ахове прыроднага багацця краіны.
Урокі здароўя праводзілі для школьнікаў спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Тэматычныя відэафільмы, гутаркі на тэмы правіл паводзін, выканання патрабаванняў заканадаўства, інфармацыйнай небяспекі, якую тояць сацыяльныя сеткі, здаровага ладу жыцця, прафілактыкі і папярэджання ўжывання алкаголю, наркатычных сродкаў і электронных прыстасаванняў для курэння дэманстравалі і праводзілі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх.
Супрацоўнікі летняга лагера імкнуцца, каб кожны дзень юных адпачываючых быў запамінальным, напоўненым новымі ведамі, цікавымі адкрыццямі, душэўным камфортам, дабрынёй, асалодай сяброўскіх сустрэч.
31.07.2026







