top banner
top banner
top banner
top banner
top banner
 
 
 
Версия для слабовидящих

11 01

6–7 жніўня ў Сярэдняй школе № 1 г. Глыбокае імя П.В.Сухога адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Глыбоччына: рэгіянальнае і агульнанацыянальнае ў культуры і гісторыі краю”. Яна была прысвечана 165-годдзю з дня нараджэння Ігната Буйніцкага, заснавальніка беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра, рэжысёра, пастаноўшчыка, акцёра. Мерапрыемства арганізавалі і правялі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Віцебскі абласны і Глыбоцкі раённы выканаўчыя камітэты. Непасрэдным арганізатарам канферэнцыі стаў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа на чале з яго дырэктарам Ігарам Лявонавічам Капыловым, але ў канферэнцыі ўдзельнічалі даследчыкі ўсіх інстытутаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а таксама навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадстаўнікі іншых навукова-даследчых і адукацыйных устаноў.

Спецыяльна да канферэнцыі ў раёне быў праведзены сярод навучэнцаў конкурс даследчых работ “Гісторыка-култьтурная спадчына роднага краю”. Навукова-даследчай і краязнаўчай работай займаліся і займаюцца таксама і педагогі, якія раскрываюць таямніцы мясцовай гісторыі.

Даклады, якія прагучалі на канферэнцыі, адрозніваюцца сваёй тэматычнай разнастайнасцю. Але галоўны акцэнт выступоўцаў быў скіраваны на вызначэнне месца і ролі І. Буйніцкага для нацыянальнай культуры, нацыянальнага тэатра. Пра асобу творцы расказалі прысутным В. М. Ярмалінская, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, і В.Р.Баранчук, намеснік дырэктара Празароцкай сярэдняй школы, якая носіць імя І.Ц.Буйніцкага. У.М.Рашэтнікаў, акадэмік НАН Беларусі, ураджэнец горада Глыбокае, праз лёс свайго бацькі Мікалая Арцем’евіча і яго сям’і, раскрыў адметныя старонкі гісторыі Глыбоччыны ў перадваенны і пасляваенны час. Тэма ваеннай гісторыі краю была адлюстравана і ў дакладазе У.А.Мірончыка. Шмат інтрыгоўнай інфармацыі, розных гістарычных фактаў, якія з поспехам можна выкарыстоўваць для развіцця экскурсійнай справы ў раёне, было агучана ў дакладзе А.Г.Майсяёнка, член-карэспандэнта НАН Беларусі. І.Э.Багдановіч, страшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, з нечаканага боку раскрыла асаблівасці таленту Эдуарда Галубка, сына Уладзіслава Галубка, знакавай асобы для гісторыі нацыянальнага тэатра, вядомага драматурга, тэатральнага рэжысёра, акцёра.

Пытанням важнасці асобы для фарміравання любові да роднага краю, яго гісторыі было прысвечана выступленне Н.А.Рабізы, якая расказала пра ўраджэнца г. Глыбокае П.В.Сухога.

Гісторыя развіцця прамысловай і сельскай гаспадаркі Глыбоччыны ў 1921–1939 гады, у час яе знаходжання ў складзе Польшчы, была асветлена ў выступленні В.П.Гарматнага, старшага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі. А.В.Трафімчык, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства, расказаў прысутным, як польскія ўлады падчас перапісаў 1919 і 1921 гг. маніпулявалі мясцовым насельніцтвам, каб беларусаў перавесці ў палякаў – вернікаў-католікаў.

Глыбоччына – гэта турыстычная мекка Беларусі, тут многа ўнікальных помнікаў дойлідства, архітэктурных шэдэўраў. Новыя звесткі пра касцёл і кляштар кармелітаў, дагэтуль не вядомыя мясцовым краязнаўцам і музейшчыкам, былі расказаны прысутным А.А.Скеп’ян, загадчыкам аддзела гісторыі Беларусі ІХ–ХVIII стст. і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. С.С.Бяляева, навуковы супрацоўнік аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, паказала, што традыцыйнае жыллё насельнікаў раёна адрозніваецца асаблівым багаццем яго знешняй аздобы.

Этнамузычныя традыцыі Глыбоцкага краю, іх рэагіянальная адметнасць, якая ўвасабляецца ў каляндарна-абрадавых і сямейна-абрадавых песенных традыцыях, стала тэмай выступлення Т.Л.Канстанцінавай, старшага навуковага супрацоўніка аддзела музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, і В.М.Прыбыловай, старшага навуковага супрацоўніка кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Як развіваліся і развіваюцца мясцовыя гаворкі Глыбоччыны на працягу стагоддзя, шматлікія асаблівасці якіх сталі нарматыўнымі ў беларускай літаратурнай мове, даведаліся прысутныя з даклада В.М.Курцовай, загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. В.Ю.Радзюль, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай філалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, раскрыла таямніцы найменняў дробных аб’ектаў мясцовага ландшафту.

Паказальна, што прага пазнаць сваю мясцовую спецыфіку, гісторыю развіцця краю сярод мясцовай эліты, моладзі не знікае, а гэтае дае падставы, каб даследчыкі сустракаліся з жыхарамі Глыбоцкага раёна і натхнялі іх да пазнання і захавання мясцовых звычаяў і традыцый, прышчэпліваючы тым самым любоў да Бацькаўшчыны.

В. М. Курцова

Изображение 02Изображение 03Изображение 04Изображение 05Изображение 06Изображение 07Изображение 08Изображение 09Изображение 10Изображение 11Изображение 12Изображение 13Изображение 14Изображение 15Изображение 16Изображение 17Изображение 18Изображение 19